Польская эканоміка ўсё больш апіраецца на працу замежных работнікаў. Згодна з новым дакладам, мігранты, якія пражываюць і працуюць у краіне, фармуюць ужо каля 10,7% ВУП Польшчы — гэта больш за 400 млрд злотых штогод.
Аўтары даследавання, падрыхтаванага Інстытутам грамадскіх спраў (Instytut Spraw Publicznych) сумесна з Deloitte і Ipsos, прама ўказваюць: без замежнай працоўнай сілы польскі рынак працы сутыкнуўся б з сур’ёзным дэфіцытам кадраў. Па сутнасці, мігранты ўжо не толькі закрываюць вакансіі, але і кампансуюць дэмаграфічны спад — старэнне насельніцтва і скарачэнне колькасці працаздольных жыхароў.
Па ацэнках, у Польшчы сёння пражывае прыкладна 2–2,5 млн замежнікаў, і іх роля ў эканоміцы за апошнія гады значна ўзрасла. Дадзеныя ZUS паказваюць, што яшчэ пяць гадоў таму замежнікі складалі 5,6% усіх застрахаваных работнікаў, а цяпер іх доля вырасла амаль да 8%.
Паралельна павялічваецца і іх уклад у сістэму сацыяльнага страхавання: доля замежных работнікаў у пенсійных і страхавых узносах дасягнула 6,3%.
Асобнае месца па-ранейшаму займаюць украінцы. У сістэме ZUS зарэгістравана каля 857 тысяч грамадзян Украіны, і яны застаюцца найбольшай групай замежных работнікаў у краіне.
Усяго ў Польшчы зараз афіцыйна застрахавана каля 1,3 мільёна замежнікаў. З іх больш за 730 тысяч працуюць па працоўных дамовах (umowa o pracę), каля 470 тысяч — па грамадзянска-прававых кантрактах (umowa zlecenie). Яшчэ больш за 90 тысяч вядуць уласны бізнес.
Эксперты падкрэсліваюць, што ўплыў мігрантаў даўно выйшаў за рамкі таннай працоўнай сілы. Гэта ўжо не толькі супрацоўнікі, але і актыўныя ўдзельнікі эканомікі — яны арандуюць жыллё, здзяйсняюць пакупкі, плацяць падаткі і адкрываюць бізнес, непасрэдна ўплываючы на ўнутраны попыт.
Заўважнае і стаўленне грамадства. Паводле дадзеных Ipsos, больш за палову палякаў лічаць, што мігранты дапамагаюць эканоміцы і закрываюць дэфіцыт кадраў, а 73% респондэнтаў падтрымліваюць ідэю, што Польшча павінна заставацца адкрытай для замежнікаў, якія працуюць і жывуць у краіне легальна.




