, ,

«За гэтыя 15 секунд я паспела пачуць у свой адрас вельмі шмат бруду»: у Гданьску прадаўшчыца з Украіны запісала на відэа, як пакупнік абражаў і пагражаў ёй. Мужчыну арыштавалі

Паліцыя Гданьска затрымала мужчыну, які рэгулярна абражаў і пагражаў работніцы крамы Żabka з-за яе ўкраінскай нацыянальнасці. Аб затрыманні ў сацыяльных сетках паведаміў міністр унутраных спраў і адміністрацыі Марцін Кервіньскі. Мужчына аказаўся грамадзянінам Польшчы і футбольным фанатам. За злачынства на нацыянальнай глебе яму пагражае да трох гадоў турмы.

«Абсалютны нуль цярпімасці да агрэсіі», — напісаў у соцсетках Кервіньскі.

Раней пацярпелая расказала аб інцыдэнце ў Threads. Па яе словах, яна жыве ў Польшчы амаль пяць гадоў, але да ўладкавання ў краму амаль не сутыкалася з ксенафобіяй. Працуючы прадаўшчыцай у краме ў спальным раёне Гданьска, дзе большасць пакупнікоў — палякі старэйшыя за 30-40 гадоў, яна амаль штодня сутыкалася з негатыўнай рэакцыяй з-за ўкраінскага паходжання і акцэнту. Пакупнікі раздражняліся, калі яна прасіла паўтарыць сказанае, або рабілі абразлівыя заўвагі з-за таго, што яна не ведала назваў некаторых цыгарэт або алкаголю.

Самы непрыемны выпадак адбыўся ў першы дзень стажыроўкі. Пакупнік папрасіў прадаць яму латарэйны білет, і, паколькі дзяўчына яшчэ не ўмела працаваць з сістэмай, папрасіла пачакаць 15 секунд, пакуль падыдзе калега.

«За гэтыя 15 секунд я паспела пачуць у свой адрас вельмі шмат бруду: што я некампетэнтная, тупая, «шмара», якая павінна паехаць у Украіну пасці кур. Я была настолькі ў шоку, што не змагла стрымаць слёз», — расказала яна.

Гэты ж мужчына працягваў рэгулярна прыходзіць у краму. Падчас апошняга канфлікту дзяўчына адразу паведаміла аб сітуацыі дырэктару, выклікала ахову і пачала фіксаваць адбытае на відэа. Пасля гэтага дырэктар паведаміў, што звернецца ў паліцыю, аднак на наступны дзень мужчына зноў прыйшоў, вёў сябе агрэсіўна і кінуў у дзяўчыну кошык.

Пасля таго як відэа атрымала шырокі рэзананс у сацыяльных сетках, з дзяўчынай звязаліся юрысты і праваахоўныя органы. Яна таксама падала афіцыйную заяву ў паліцыю. У пятніцу, 26 чэрвеня, міністр Кервіньскі паведаміў аб затрыманні падазраванага.


Чытаць далей