, , ,

«Мяне называлі ку**ой, шм*той. Крычалі: «Wypierd*laj na Ukrainę»». У Гданьску наведвальнікі накінуліся на ўладальніцу кветкавага магазіна з Беларусі

Тацяна (імя зменена) працягвае працаваць, нягледзячы на траўму рукі: ёй трэба займацца кветкавым магазінам. Менавіта там 10 ліпеня двое наведвальнікаў напалі на яе. Паводле слоў жанчыны, канфлікт пачаўся са слоў пра тое, што яе магазін «украінскі», а скончыўся траўмай і пашкоджаным тэлефонам. Жанчына падала заяву ў паліцыю і расказала MOST, што здарылася ў той дзень.

«Буквальна за дзень да гэтага я цалкам абнавіла вітрыны»

Таццяна жыве ў Польшчы больш за пяць гадоў і ўжо атрымала грамадзянства гэтай краіны. У Гданьску ў яе свой бізнес — кветкавая крама на вуліцы Grunwaldzka.

— Усё адбылося літаральна за некалькі хвілін, — успамінае яна здарэнне 10 ліпеня.

Па яе словах, у той дзень у краму прыйшла пажылая жанчына, якая спачатку спакойна выбірала кветкі і цікавілася асартыментам. У гэты час увайшоў мужчына, які таксама меў намер зрабіць пакупку. Прадаўшчыца прапанавала спачатку абслужыць мужчыну, аднак той адмовіўся, сказаўшы, што пачакае сваёй чаргі.

— Жанчына нечакана павярнулася да мужчыны і пачала пераконваць яго нічога тут не купляць. Яна казала, што гэта ўкраінская крама, што кветкі тут дрэнныя і несвежыя. Хоць літаральна за дзень да гэтага я атрымала новую пастаўку і цалкам абнавіла вітрыны, — успамінае Таццяна.

Гаспадыня крамы папрасіла жанчыну пакінуць памяшканне — тады, кажа суразмоўніца, абодва наведнікі пачалі яе абражаць.

— Мяне называлі ку**ой, шматой, украінкай. Крычалі: «Wypierdalaj na Ukrainę». Мужчына адразу далучыўся да гэтых абразаў, — распавядае яна.

Потым абодва выйшлі на вуліцу, аднак працягнулі крычаць абразы. Паводле слоў жанчыны, пажылая кліентка гучна заяўляла, што скажа ўсім знаёмым не купляць кветкі ў гэтай краме, таму што яна «належыць украінцам». Мужчына паказваў непрыстойныя жэсты і таксама патрабаваў, каб яна «забіралася ва Украіну».

Уладальніца крамы заплакала

— Мне стала вельмі крыўдна. Ты ўкладваеш столькі сіл у сваю справу: начныя паездкі за таварам, праца без выходных. А потым чуеш такое, — кажа яна.

Нехта выклікаў хуткую дапамогу і паліцыю

Праз некалькі секунд Таццяна вырашыла выйсці на вуліцу з тэлефонам, каб запісаць тое, што адбываецца, і атрымаць доказы.

— Я разумела, што інакш ніхто не паверыць. Папрасіла іх паўтарыць усё, што яны толькі што казалі, — распавядае яна.

На запісе мужчына і пажылая жанчына абвінавачваюць Таццяну ў тым, што яна загадала кліентцы «выйсці вон» (як можна заключыць са слоў Таццяны, яна папрасіла наведвальніцу пакінуць памяшканне ўжо пасля пачатку канфлікту).

Мужчына, убачыўшы, што яго здымаюць, паспрабаваў выхапіць або выбіць тэлефон з рук Тацяны і, па яе словах, моцна выкручваў руку, спрабуючы адабраць прыладу — яна аказалася пашкоджанай, але відэа захавалася. Таксама яна кажа, што мужчына некалькі разоў ударыў яе па твары.

Таццяна вярнулася ў краму і расплакалася. Хтосьці выклікаў хуткую дапамогу і паліцыю. Жанчына падала заяву аб нападзе.

«Я з’ехала з Беларусі ў надзеі жыць у краіне, дзе дзейнічае закон»

Нягледзячы на траўму рукі, Таццяна працягвае працаваць.

— Я не магу дазволіць сабе пайсці на бальнічны. Краму трэба ўтрымліваць, плаціць арэнду і закупляць тавар, — кажа яна.

Пасля здарэння прадпрымальніца плануе ўсталяваць камеры відэаназірання ў краме.

— Раней я верыла, што людзі прыходзяць у кветкавы магазін з добрым настроем. Цяпер разумею, што без камер нельга, — прызнаецца яна.

Паводле жанчыны, за гады жыцця ў Польшчы яна чула ксенафобскія выказванні, аднак фізічны гвалт адчула ўпершыню.

— Я з’ехала з Беларусі ў надзеі жыць у краіне, дзе дзейнічае закон і ёсць справядлівасць, — кажа яна.

Цяпер жанчына спадзяецца, што яе крыўдзіцелі панясуць адказнасць. Расследаваннем інцыдэнту займаецца паліцыя.


Чытаць далей