, , ,

У школах Польшчы забароняць тэлефоны. Новыя правілы ўступяць у сілу ўжо 1 верасня

Прэзідэнт Польшчы Кароль Навроцкі падпісаў закон, які забараняе школьнікам карыстацца мабільнымі тэлефонамі і іншымі электроннымі прыладамі. Новыя правілы ўступяць у сілу 1 верасня 2026 года.

Забарона будзе дзейнічаць падчас урокаў, на перапынках і падчас іншых заняткаў. Яна таксама распаўсюджваецца на заняткі за межамі школы — напрыклад, урокі фізкультуры на спартыўных пляцоўках.

Правілы закрануць вучняў дзяржаўных і прыватных пачатковых школ. Тэлефоны нельга будзе выкарыстоўваць не толькі для званкоў, але і для здымкаў, запісу гуку і іншых відаў сувязі.

Тэлефоны забароняць і ў дзіцячых садах

Абмежаванні будуць дзейнічаць таксама ў дзіцячых садах і дашкольных аддзяленнях пры школах. Дзецям нельга будзе прыносіць і выкарыстоўваць электронныя прылады падчас заняткаў і іншых мерапрыемстваў.

Пры гэтым прадугледжаны выключэнні

Тэлефонам можна будзе скарыстацца:

  • па стане здароўя — напрыклад, для кантролю хранічнага захворвання
  • калі прылада неабходна з-за інваліднасці або асаблівых патрэбаў дзіцяці
  • калі настаўнік дазволіць яго для правядзення ўрока або праверкі ведаў
  • каб тэрмінова звязацца з бацькамі
  • у выпадку пагрозы жыццю або здароўю

Школы змогуць абсталяваць спецыяльныя месцы для захоўвання смартфонаў. Пры гэтым супрацоўнікі не павінны мець магчымасці без дазволу праглядаць змесціва прылад.

Калі вучань парушыць правілы, школа зможа прымяніць пакаранне, прадугледжанае яе статутам. Парушэнне таксама можа паўплываць на ацэнку за паводзіны.

У ліцэях, тэхнікумах і паліцэйскіх школах забароны не будзе

Новы закон не ўводзіць агульную забарону на тэлефоны ў ліцеях, тэхнікумах і поліцэйскіх школах. Там кожная школа сама ўсталюе правілы выкарыстання смартфонаў. Навучальная ўстанова зможа дазволіць тэлефоны або цалкам забараніць іх.


Чытаць далей