Прокуратура дапытала прэзідэнта Польшчы Кароля Навроцкага ў рамках расследавання магчымых перавышэнняў паўнамоцтваў службовымі асобамі, звязанымі з бясплатным выкарыстаннем гасцінічных нумароў і апартаментаў, якія належаць Музею Другой сусветнай вайны ў Гданьску.
Гэта гісторыя была адной з самых абмяркоўваемых тэм падчас мінулагодняй прэзідэнцкай кампаніі. Паводле інфармацыі Radio Gdańsk, допыт адбыўся ў мінулы чацвер, аднак ні акружная пракуратура Гданьска, якая вядзе справу, ні Канцылярыя прэзідэнта да гэтага часу афіцыйна пра гэта не паведамлялі.
Як распавёў прэс-сакратар акружной пракуратуры Гданьска Марыюш Душыньскі, Навроцкі быў дапытаны ў якасці сведкі ў сваім працоўным кабінеце ў Варшаве. Для правядзення следчага дзеяння туды спецыяльна прыбыла пракурор з Гданьска.
Паводле слоў Душыньскага, прэзідэнт ужо даў паказанні, а расследаванне знаходзіцца на завяршальнай стадыі. Канчатковае рашэнне па справе пакуль не прынята: следству неабходна атрымаць дадатковую дакументацыю. Пры гэтым ужо дапытаныя ўсе кіраўнікі, якія ўзначальвалі Музей Другой сусветнай вайны ў апошнія гады.
Каб узгадніць дату допыту, пракуратуры давялося двойчы накіроўваць запыты ў Канцылярыю прэзідэнта.
Паралельна ў Гданьску працягваецца яшчэ адно расследаванне, звязанае з Каролем Навроцкім. Раённая пракуратура Гданьск-Сродмесце правярае абставіны набыцця Мартай і Каролем Навроцкімі аднапакаёвай кватэры, якая раней належала Ежы Ж.
Згодна з дадзенымі польскіх СМІ, у перыяд з 2018 па 2021 год Кароль Навроцкі бясплатна карыстаўся раскошнымі апартаментамі музея, не аплаціўшы іх браніраванне. Агульная працягласць пражывання, паводле гэтых дадзеных, склала каля 200 дзён.
Следства разглядае дзеянні службовых асоб па артыкуле аб перавышэнні паўнамоцтваў з мэтай атрымання маёмаснай выгады. Максімальнае пакаранне па гэтым артыкуле — да 10 гадоў пазбаўлення волі.
Расследаванне ахоплівае перыяд з 18 кастрычніка 2017 года па чэрвень 2024 года. У гэты час Музеем Другой сусветнай вайны кіравалі тры чалавекі: Кароль Навроцкі, Гжэгаж Берэндт і выконваючы абавязкі дырэктара Рафал Внук.




