Урачы з краін, якія не ўваходзяць у Еўрапейскі саюз, атрымаюць дадатковы год, каб пацвердзіць веданне польскай мовы на ўзроўні B1. Такое рашэнне прыняў Сейм, нягледзячы на пратэсты ўрачэбнага самаўпраўлення, якое лічыць, што слабае валоданне мовай можа пагражаць бяспецы пацыентаў. Тэма абмяркоўвалася і на сустрэчы з прэзідэнтам.
Папраўкі ўнесены ў закон аб прафілактыцы і барацьбе з інфекцыямі. Новы тэрмін датычыцца медыкаў з так званым умоўным правам на працу — тых, хто атрымаў дазвол пасля 24 кастрычніка 2024 года. Раней яны маглі працаваць па спрошчанай працэдуры без абавязковага моўнага сертыфіката.
Урачэбнае самаўпраўленне рэзка крытыкуе рашэнне парламента.
«Разуменне пацыента — аснова паспяховага лячэння, а без ведання польскай гэта немагчыма. Польшча застаецца адзінай краінай у Еўропе з настолькі нізкімі моўнымі патрабаваннямі да замежных урачоў. Калі за два гады чалавек не дасягнуў узроўню B1, нельга бясконца падоўжваць тэрміны», — заявіў кіраўнік Вышэйшага ўрачэбнага савета Лукаш Янкоўскі.
Па папярэдніх правілах медыкі павінны былі пацвердзіць веданне мовы да канца красавіка. Пасля 1 мая акружныя ўрачэбныя саветы планавалі пазбавіць умоўнага права на працу больш за 200 чалавек. Аднак у сярэдзіне месяца Сейм зацвердзіў новую адтэрміноўку.
20 мая Янкоўскі сустрэўся з прэзідэнтам Каролем Навроцкім. Па яго словах, урачэбнае самаўпраўленне разлічвае, што Сенат унясце папраўкі і абмяжуе допуск да працы спецыялістаў, якія не валодаюць польскай мовай, да падпісання закона.
Па ацэнках, пацвердзіць веданне мовы павінны больш за 3 тысяч урачоў і стаматолагаў.




