Польскі пашпарт увайшоў у топ самых моцных у свеце: куды можна паехаць без візы

Польскі пашпарт зноў аказаўся сярод самых каштоўных дакументаў для падарожжаў. У новым рэйтынгу Henley Passport Index, які ацэньвае свабоду перамяшчэння грамадзян розных краін, Польшча заняла 6-е месца, падзяліўшы яго з Вялікабрытаніяй і Венгрыяй.

Сёння ўладальнікі польскага пашпарта могуць без папярэдняй візы або з візай па прыбыцці наведаць 184 краіны і тэрыторыі. Гэта адзін з лепшых вынікаў у свеце.

Лідэрам рэйтынгу застаецца Сінгапур — яго грамадзянам даступныя 192 напрамкі без візы. Другое месца падзялілі Японія, Паўднёвая Карэя і Аб’яднаныя Арабскія Эміраты (188 краін), трэцяе заняла Швецыя (187). Замыкае рэйтынг Афганістан — яго пашпарт дазваляе свабодна ўехаць толькі ў 22 краіны.

За апошнія 20 гадоў Польшча значна ўмацавала свае пазіцыі. Калі ў першым рэйтынгу 2006 года яна знаходзілася толькі на 16-м месцы, то цяпер паднялася на шостае. За гэты час колькасць краін, адкрытых для ўладальнікаў польскага пашпарта, вырасла прыкладна з 125 да 184.

Аўтары даследавання адзначаюць, што самым вялікім поспехам могуць пахваліцца Аб’яднаныя Арабскія Эміраты. За два дзесяцігоддзі іх пашпарт атрымаў безвізавы доступ яшчэ да 153 краін — гэта рэкорд за ўсю гісторыю індэкса.

У той жа час некаторыя дзяржавы, наадварот, страцілі пазіцыі. Напрыклад, ЗША апусціліся з першага месца на дзесятае, а Вялікабрытанія — з трэцяга на шостае. Па меркаванні экспертаў, гэта адлюстроўвае змяненне глабальнага балансу: усё большы ўплыў у свеце набываюць краіны Азіі.

Даследчыкі таксама падкрэсліваюць, што каштоўнасць пашпарта залежыць не толькі ад колькасці безвізавых напрамкаў. Вялікую ролю адыгрываюць міжнародныя адносіны, эканамічны ўплыў краіны, дыпламатыя і давер да яе дзяржаўных інстытутаў.

Топ-10 самых моцных пашпартоў свету

  • Сінгапур — 192 краіны
  • Японія, Паўднёвая Карэя, ААЭ — 188
  • Швецыя — 187
  • Бельгія, Данія, Фінляндыя, Францыя, Германія, Ірландыя, Італія, Люксембург, Нідэрланды, Нарвегія і Іспанія — 186
  • Аўстрыя, Грэцыя, Мальта, Партугалія і Швейцарыя — 185
  • Польшча, Вялікабрытанія і Венгрыя — 184 краіны
  • Аўстралія, Канада, Чэхія, Латвія, Малайзія, Новая Зеландыя, Славакія, Славенія — 183
  • Харватыя, Эстонія — 182
  • Ліхтэнштэйн, Літва — 181
  • Ісландыя, ЗША — 180

Чытаць далей