У Гданьску запусцілі цэнтр падтрымкі для тых, хто хоча кінуць паліць

У Гданьску пры Універсітэцкім клінічным цэнтры пачаў працу Цэнтр прафілактыкі нікацінавай залежнасці. Тут бясплатна дапамагаюць людзям, залежным ад цыгарэт, вейпаў, сістэм награвання табаку і нікацінавых сашэ.

Пацыенты атрымліваюць кансультацыі ўрачоў, псіхалагічную падтрымку і індывідуальныя праграмы лячэння. На першым прыёме спецыялісты ацэньваюць ступень залежнасці, матывацыю, папярэднія спробы кінуць, вымяраюць узровень чаднага газу і праводзяць базавы агляд. Далей распрацоўваецца персанальны план тэрапіі, а таксама прадугледжаны кантрольныя візіты праз 3, 6 і 12 месяцаў.

Па словах кіраўніка цэнтра, прафесара Лукаша Бальвіцкага, адмовіцца ад курэння — гэта працэс, які патрабуе часу і падтрымкі. Эфектыўней за ўсё працуе спалучэнне тэрапіі і медыкаментознага лячэння.

У бальніцы таксама ўвялі сістэму ўнутранага выяўлення пацыентаў: курцоў пытаюць аб ужыванні нікаціну ўжо падчас шпіталізацыі і пры неабходнасці адразу накіроўваюць на дапамогу.

Запіс у цэнтр: 58 727 07 75 (пн–пт, 7:00–16:00).


Чытаць далей