Польскі капітан судна MV Hondius, на борце якога зафіксавалі выпадкі заражэння хантавірсам, вяртаецца ў краіну. Ён будзе шпіталізаваны ў Універсітэцкі цэнтр марской і трапічнай медыцыны ў Гдыні.
— Мы гатовыя да гэтай працэдуры. Калі яна адбудзецца, транспарціроўка будзе ажыццяўляцца наземным медыцынскім транспартам. Капітан здаровы, тры тэсты запар выключылі наяўнасць віруса ў яго арганізме, — адзначыў Галоўны санітарны інспектар Польшчы Павел Гжэсёўскі.
Сусветная арганізацыя аховы здароўя паведаміла 3 мая пра смерць трох чалавек на круізным судне Hondius, якое ў пачатку красавіка выйшла з паўднёвай Аргенціны ў рэйс па Атлантычным акіяне. На борце быў выяўлены небяспечны андскі штам віруса. 10 мая судно прыбыло на Тэнэрыфу, дзе пасажыры былі эвакуіраваны. 18 мая яно дасягнула Ратэрдама, ужо толькі з членамі экіпажа.



