У канцы чэрвеня 2026 года пані Беата (імя зменена) жыхарка Польшчы, звярнулася за індывідуальнай падатковай інтэрпрэтацыяй у Urząd Skarbowy. У заяве яна апісала сітуацыю: знаёмы мужчына прапанаваў ёй інтымныя адносіны, у рамках якіх яна рэгулярна атрымлівала б ад 20 да 30 тысяч злотых у месяц за пэўныя дзеянні сексуальнага характару.
Жанчына таксама адзначыла, што падобныя сітуацыі адбываліся і раней, але сумы тады былі нерэгулярнымі і значна ніжэйшымі, у сярэднім ад 500 злотых да 5 тысяч злотых у месяц. Падатак з гэтых паступленняў яна не плаціла.
Падатковая служба вырашыла, што даходы ад інтымных паслуг не трэба ўказваць у дэкларацыі PIT. Ведамства патлумачыла гэта тым, што закон аб падатку на даходы не распаўсюджваецца на заробкі, атрыманыя за дзеянні, якія не могуць быць аформлены законным дагаворам.
На думку падатковай, такія паслугі супярэчаць закону і грамадскім нормам, таму не могуць мець юрыдычнай сілы як дамова. З гэтага вынікае, што атрыманыя за іх грошы не лічацца даходам, які абкладаецца падаткам PIT.
Падатковая таксама адзначыла, што дакладных дадзеных аб заробках у гэтай сферы ў Польшчы няма. У якасці прыкладу прыводзіцца справаздача Sedlak & Sedlak за 2019 год: тады сярэдні заробак ацэньваўся прыкладна ў 183 злотыя за гадзіну і каля 2 тысяч злотыя за ноч.




